З’явіліся новыя падрабязнасці гучнай гісторыі пра расіяніна, затрыманага ў Нацыянальным аэрапорце Мінск 22 траўня. Ён выкраў сваю дачку пасля разводу і хаваўся з ёю пяць гадоў, перш чым быў затрыманы падчас спробы вылецець у ААЭ. Цяпер маці дзяўчынкі расказала АНТ, чаму яны рассталіся, як ён звёз дзіця і як праходзілі пошукі.

Паводле жанчыны, яны з былым мужам пражылі ў шлюбе 11 гадоў, выхоўваючы ў тым ліку і старэйшую дачку ад першага шлюбу, інваліднасць якой патрабавала спецыяльнага догляду.
«З самага дзяцінства ў яе цукровы дыябет, яна інсуліназалежная. Ён, па сутнасці, замяніў ёй бацьку, але калі нарадзілася Злата — усё змянілася. Ён пачаў зачыняць старэйшую дачку ў пакоі, не пускаў у прыбіральню, унікаў кантакту. Яна баялася заставацца з ім адна, а я шмат працавала», — расказала маці дзяўчынкі Маргарыта.
Жанчына прапанавала цывілізаваны развод і варыянт суіснавання дзеля дачкі: жыць побач і разам клапаціцца пра Злату. Але мужчына адмовіўся ад кампрамісаў і, са словаў Маргарыты, не хаваў сваіх намераў:
«Ён мяне папярэджваў: „Калі ты вырашыла развесціся — я сваё забіраю з сабой“. Ён лічыў Злату сваёй уласнасцю».
У 2019 годзе адбыўся развод. Суд вызначыў месца жыхарства дзіцяці з маці. Аднак, скарыстаўшыся тым, што жанчына працавала па 12 гадзін у дзень адміністратаркай у медцэнтры, мужчына забраў дзіця і знік. Спачатку справу не заводзілі: бацька не быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Толькі ў 2021 годзе, пасля настойлівых намаганняў Маргарыты, яго пазбавілі статусу бацькі, і тады была распачатая крымінальная справа. Мужчыну абвясцілі ў федэральны, а потым — у міжнародны вышук.
Са словаў жанчыны, доўгія гады месцазнаходжанне дзіцяці не было вядомае:
«Ён не выходзіў на сувязь. Пра тое, дзе дачка, у якім яна стане, я не ведала нічога. І толькі праз гады следчыя знайшлі яго па заказах у маркетплэйсе ў Наварасійску. Мне паказалі відэа — я адразу пазнала яго, нягледзячы на маскіроўку».
Пазней беларускія сілавікі атрымалі інфармацыю ад расійскіх калег пра тое, што бацька з дачкой ужо ў Беларусі і збіраюцца вылецець у ААЭ. Тады мужчыну і затрымалі.
Дзяўчынку, якой цяпер дзевяць гадоў, вярнулі маці. Найбліжэйшым часам бацька будзе экстрадыяваны ў Санкт-Пецярбург.