Напярэдадні вечарам падлеткі пачалі масава пісаць у слуцкія гарадскія чаты і абмяркоўваць інфармацыю, што нібыта ў мікрараёне Чэхава быў знойдзены расчленены труп дзяўчынкі-падлетка. Гісторыя набыла вірусны характар і хутка распаўсюдзілася ў мэсэнджарах. У міліцыі паведамілі, што такіх здарэнняў не было, перадае SlutskGorod.by.

Паводле звестак партала, інфармацыя пра падзею пачала распаўсюджвацца праз скажэнне некім дзеянняў органаў папярэдняга расследавання, што выбывалі на два іншыя інцыдэнты — канфлікт на бытавой глебе і няўдалую спробу суіцыду. Абодва яны не маюць ніякага дачынення ні да «маньякаў», ні да «расчлянёнак».
Адна дзяўчына даслала ў асабісты тэлеграм-канал з вузкай аўдыторыяй паведамленне, якое пачало лавінападобна перасылацца ў асяроддзі школьнікаў.
На відэа ж, якое распаўсюджвалі падлеткі ў сацсетках, зафіксаваныя рэшткі гародніны і маштабная лінейка судмедэкспертаў акурат на адным з месцаў правядзення следчых дзеянняў.
Гэтую інфармацыю пацвердзілі і ў Слуцкім РАУС: там паведамілі, што ніякіх трагедый, звязаных з падлеткамі, забойствамі ці прыкметамі крымінальнага характару за апошні час у Слуцку не адбывалася.