Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Чым даўжэйшая эміграцыя, тым звычайна менш шанцаў, што чалавек вернецца на радзіму. Беларус Аляксандр Прушынскі вырашыў абвергнуць гэты стэрэатып і пераехаў у нашую краіну праз паўстагоддзя пасля вымушанага ад’езду. Але не дзеля спакойнага жыцця, а каб стаць прэзідэнтам. Праўда, да выбараў 1994-га Прушынскага — эпатажнага палітыка — не дапусцілі, а перамог тады Аляксандр Лукашэнка. Свае ўспаміны пра гэта, а таксама пра вяртанне ў нашую краіну ў 90-я ён выклаў у кнізе на польскай мове «Jak nie zostałem Prezydentem Białorusi» («Як я не стаў прэзідэнтам Беларусі») — яна выйшла яшчэ ў 1995-м, але засталася амаль невядомай. Мы прачыталі яе і цяпер расказваем пра падрабязнасці біяграфіі Прушынскага, яго ўражанні пра Беларусь (часта не найлепшыя) і спробы прыйсці да ўлады.

У шматлікіх публікацыях у медыя Аляксандра Прушынскага часта называюць графам (напрыклад, тут). Ды і сам ён прадстаўляўся людзям менавіта так — тытул нібыта перайшоў да яго ад бацькі. На самай справе Аляксандр графам не быў — мы не знайшлі згадак пра тое, што ягоны бацька меў тытул. Тым не менш Прушынскі быў, відаць, самым публічным арыстакратам, які вярнуўся ў нашую краіну пасля абвяшчэння незалежнасці, і слова «граф» стала трывала асацыявацца з яго імем. Таму мы выкарыстоўваем яго і ў нашым тэксце.

Вяртанне праз паўстагоддзя

Аляксандр Прушынскі нарадзіўся ў 1934-м у маёнтку Рагозніца (цяпер гэта вёска Вялікая Рагозніца Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці). Мясцовы палац у стылі класіцызму пабудавалі тут у канцы XVIII стагоддзя. У 1906-м яго купілі бабуля і дзядуля Аляксандра. Іх дачка выйшла замуж за Ксаверыя Прушынскага, вядомага польскага журналіста і дыпламата. Іх першым дзіцем і стаў будучы эпатажны беларускі палітык.

У дзяцінстве Аляксандр часта ездзіў да бабулі і дзядулі. «Мой першы ўспамін з дзяцінства — гэта Рагозніца і вяртанне майго бацькі з іспанскай вайны ў 1937 годзе (гаворка пра грамадзянскую вайну ў Іспаніі. — Заўв. рэд.). Аднак лепш за ўсё я памятаю перадваеннае лета 1939 года. Пладовы сад, які мяжуе з ліпавай алеяй і стайняй для жарабят, куды я „збягаў“ ад свайго абавязковага дзённага сну. Гульні ў парку, катанне на трохколавым ровары, навучанне верхавой яздзе на кані з мянушкай Арабчык, багаты сняданак, які даюць дзецям бабуля і дзядуля пасля іх першага прычасця, і паездкі ў машыне дзядзькі. Таксама ішла падрыхтоўка да вайны [з Германіяй]. <…> Абляпляліся вокны палаца <…>, каб яны не выляталі падчас бамбёжак», — успамінаў ён.

Усадьба в деревне Большая Рогозница Мостовского района. Фото: mosty-zara.by
Сядзіба ў вёсцы Вялікая Рагозніца Мастоўскага раёна. Фота: mosty-zara.by

У 1939-м нацысты нечакана заключылі саюз з СССР, і ў тым самым годзе ў Заходнюю Беларусь, якая тады была ў складзе Польшчы, прыйшла Чырвоная армія. Салдаты разрабавалі дом і расстралялі дзядулю Аляксандра Прушынскага. Маці з дзецьмі ўцякла ў нямецкую зону акупацыі, схаваўшыся на возе з капустай (бацька тады ваяваў). Такім чынам яны ўніклі непазбежнай дэпартацыі ў Сібір.

У чэрвені 1941-га, калі нацысты напалі ўжо на СССР, сям’я вярнулася на радзіму. Але неўзабаве немцы даведаліся, што мясцовыя землеўладальнікі падтрымліваюць Армію Краёву (падпольную польскую вайсковую арганізацыю), пасля чаго іх усіх выслалі. Маці Аляксандра вырашыла застацца і хавалася ў ваколіцах — ніхто з сялян не выдаў яе. Але доўга жыць так было немагчыма: вясной 1942-га ёй давялося з’ехаць на тэрыторыю Польшчы, акупаваную немцамі.

Пры гэтым дзеці заставаліся на малой радзіме. «Вясной 1942 года мы з братам знаходзіліся ў дзвюх розных вёсках, па розныя бакі ад палаца. Штонядзелю мы сустракаліся ў царкве, дзе сядзелі разам на лавах нашых бабуляў і дзядуляў», — успамінаў Прушынскі. Улетку таго ж года яго маці ўдалося дабіцца дазволу акупацыйных уладаў на тое, каб яе сыны пераехалі ў Кракаў, дзе яны з ёй і пражылі ўсю вайну.

«З таго часу як я пакінуў Рагозніцу ў жніўні 1942 года, я не пераставаў думаць пра яе і пра вяртанне. Я марыў пра яе 29 гадоў у Польшчы, ЗША, Нідэрландах і Францыі», — пісаў Прушынскі. Першы раз ён змог прыехаць на радзіму ў 1971-м. «Я ўкленчыў і пацалаваў першую прыступку лесвіцы майго дома. Потым я стаяў са сваім сынам пад калонамі і адчуваў, нібыта 29 гадоў тугі зніклі з мяне. Я дасягнуў сваёй мэты, мае даўнія мары спраўдзіліся, я пабываў у Рагозніцы, месцы майго нараджэння і дзіцячых успамінаў», — пісаў ён.

Книга Александра Прушинского «Jak nie zostałem Prezydentem Białorusi» («Как я не стал президентом Беларуси»). Фото: allegro.pl
Кніга Аляксандра Прушынскага «Jak nie zostałem Prezydentem Białorusi» («Як я не стаў прэзідэнтам Беларусі»). Фота: allegro.pl

У той час Прушынскі займаўся бізнесам і выдавецкай дзейнасцю. У Канадзе, куды ён перасяліўся з сацыялістычнай Польшчы неўзабаве пасля першага візіту на гістарычную радзіму, пад яго кіраўніцтвам у 1981-м пачаў выходзіць часопіс «Слова-Салідарнасць», які перадрукоўваў артыкулы з польскага выдання «Салідарнасць» — штотыднёвіка знакамітага незалежнага прафсаюза.

У 1990-м Аляксандр другі раз пасля ад’езду наведаў Рагозніцу, а ўжо ў чэрвені 1992-га пераехаў з Канады на сталае жыхарства ў нядаўна абвешчаную незалежную Беларусь і пасяліўся ў Мінску.

Мінск 90-х: жудасны сэрвіс і мафія на Камароўцы

У сваёй біяграфічнай кнізе Прушынскі называе сябе першым чалавекам, які вярнуўся ў Беларусь з эміграцыі пасля абвяшчэння незалежнасці. Увогуле, у сваіх успамінах аўтар часта перабольшвае (некаторыя прыклады мы прывядзезём ніжэй), але канкрэтна гэтая характарыстыка можа быць праўдай — нямногія жыхары заходніх дзяржаваў рызыкнулі б пераязджаць у краіну ва ўмовах нестабільнасці і эканамічнага крызісу. Таму кніга Прушынскага цікавая яшчэ і як погляд на Беларусь замежніка, які дзесяцігоддзямі жыў у рэаліях заходняга свету і цяпер з шокам адаптуецца да новых умоваў. Што ж уразіла таго, хто вярнуўся з Канады?

Александр Прушинский. Фото: spring96.org
Аляксандр Прушынскі. Фота: spring96.org

Транспартная і камунікацыйная ізаляцыя. Паводле Прушынскага, нацыянальны аэрапорт пад Мінскам тады, у першай палове дзевяностых, прымаў да сямі пасажырскіх самалётаў за дзень, але бывалі дні, калі іх прылятала толькі чатыры. «З Мінска можна тэлефанаваць практычна ва ўсе краіны Еўропы, хоць з факсамі сітуацыя значна горшая, бо яны вельмі кепска працуюць на замежных лініях. А пошта — гэта дзіва. Ліст ідзе з Мінска ў Нью-Ёрк тыдзень, з Лондана ў Мінск — тры дні», — пісаў ён.

Любоў беларусаў да лецішчаў. «Вясной, летам і ранняй восенню ў пятніцы, суботы і нядзелі Мінск і іншыя буйныя гарады пусцеюць. Хто можа, той едзе не столькі ў адпачынак, колькі на лецішча. Часта палову ўчастка займае бульба, якую потым даводзіцца вазіць у горад з не меншымі цяжкасцямі, чым вырошчваць, а потым есці ўсю зіму. Нярэдка на лецішчах адсутнічаюць умовы для начлегу, а для захоўвання інвентару, неабходнага для апрацоўкі зямлі, ёсць толькі хлеў. Акрамя таго, на большасці лецішчаў няма водаправода, і ўсё расце толькі дзякуючы дажджам», — апісваў ён добра знаёмыя беларусам рэаліі.

Сэрвіс. «Якасць усяго, прадуктаў і паслуг, за выключэннем такіх нямногіх, як хлеб, вада, кветкі і, магчыма, гадзіннікі, вырабленыя ў Мінску, знаходзіцца на дапатопным узроўні», — пісаў ён. Прушынскага шакавала, што ў 95% крамаў пакупнікам трэба было стаяць у чэргах двойчы: адзін раз — каб замовіць тавар, а потым — у асобнай чарзе на касу, каб за яго расплаціцца (такі прынцып працы буйных прадуктовых і іншых крамаў сапраўды быў распаўсюджаны да з’яўлення ў постсавецкіх краінах звыклых нам супермаркетаў з самаабслугоўваннем). З нагоды чыгуначных вакзалаў ён пісаў, што білетаў даводзіцца чакаць некалькі дзясяткаў хвілін, а іх выпіска «займае значна больш часу, чым за царом Мікалаем II, хоць цяпер іх друкуюць на камп’ютарах».

У рэстаранах Прушынскага абурала, што порцыі мяса складаюць не 100 грамаў, як у Польшчы, а 75. Але нават у добрай, з яго словаў, установе, размешчанай у гасцініцы «Планета» (цяпер знаходзіцца па адрасе праспект Пераможцаў, 31) замовы можна было чакаць паўгадзіны. «І на гэта ёсць простая прычына. За фіранкай, якая аддяляе залу ад кухні, сядзяць афіцыянткі і чытаюць кнігі. Яны лічаць, што працуюць дастаткова старанна, каб атрымаць сваю зарплату, дык навошта ж турбавацца? Больш за тое, усе мясцовыя начныя клубы закрываюцца ў 11 гадзін і з ласкі дазваляюць сваім кліентам застацца яшчэ на паўгадзіны. Да 4 раніцы адкрытае толькі адно месца, і яно, вядома ж, прыватнае», — пісаў ён.

Автостанция у Комаровского рынка. Фото: komarovka.by
Аўтастанцыя ля Камароўскага рынку. Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: komarovka.by

Прушынскі абураўся, што ў сярэдзіне 1990-х у Мінску не было ніводнага прыстойнага гатэля. «Аднойчы я бачыў, як кіраўнік дыпламатычнага пратаколу Беларусі прывозіў амбасадара Даніі ў гасцініцу „Юбілейная“. <…> Я наогул не мог зразумець, як у яго хапіла смеласці прывезці амбасадара ў гатэль, дзе па нумарах блукаюць прусакі, дзе афіцыянты грубіяняць, а вечарамі гаспадараць розныя мафіёзныя рэкеціры і іх сяброўкі», — шакавана адзначаў ён.

Бруд. «Грамадскія прыбіральні асабліва жудасныя. <…> Таксама адсутнічаюць спецыяльныя гумовыя шчоткі для мыцця вокнаў, праз што ўсе вітрыны крамаў неймаверна брудныя», — пісаў аўтар кнігі. Не цешыў яго і транспарт: «Чысціня ў мясцовых вагонах, відаць, была нашмат лепшая за апошнім царом, і для сярэднестатыстычнага канадца гэта было б кашмарам. Тое самае і з аўтобусамі: яны брудныя ўнутры і звонку, і гэта нікога не турбуе».

Нізкая якасць тавараў. Прушынскі адзначаў, што, у адрозненне ад 1990−1991 гадоў, у крамах ужо было дастаткова тавараў, аднак іх якасць заставалася невысокай. «Напрыклад, за два гады я ўбачыў у Мінску ўсяго чатыры віды сыру. Пазначылася [толькі] невялікае паляпшэнне: на <…> Камароўцы <…> пачалі з’яўляцца новыя сыры з прыватных фермерскіх гаспадарак».

Аналагічная сітуацыя, з ягоных словаў, назіралася з мясам: да сярэдзіны 1990-х яго стала больш, чым у пачатку дзесяцігоддзя, але якасць не ішла «ні ў якае параўнанне не толькі з тым, што можна купіць у Польшчы, але і з тым, што мне пашчасціла паспрабаваць у Канадзе». Граф таксама скардзіўся, што на Камароўцы можна купіць сушаную рыбу, але не вэнджаную. «У цэлым у Камароўцы ўсё даражэйшае, што, як мне сказалі, вынік дзейнасці мясцовай мафіі, якая загадвае прадаўцам падтрымліваць высокія цэны», — дзяліўся ён сваімі інсайдамі.

Цана. Паводле Прушынскага, пенсіі тады складалі ад 100 да 200 тысяч беларускіх рублёў (прыкладна 4−8 даляраў, пры гэтым за ноч у гатэлі ён заплаціў чатыры даляры). Сярэдні ж заробак складаў 25 даляраў. Пры гэтым канадская пенсія, якую Прушынскі пачаў атрымліваць у 1994-м, дасягала 300 даляраў. З ягоных словаў, гэта было ўдвая больш, чым заробак міністра (даследчык і экс-дэпутат Сяргей Навумчык пісаў, што ў той час міністр атрымліваў нават менш — 50 даляраў). Цэны ўсё яшчэ пазначаліся ў былых савецкіх рублях, але падчас аплаты замест ста савецкіх рублёў беларусы плацілі дзесяць новых «зайчыкаў».

Першы паход на выбары з абяцаннем выдаць па 35 даляраў усім грамадзянам

Упершыню пра свае палітычныя амбіцыі Прушынскі заявіў у 1992-м у размове з журналісткай польскай «Газеты Выборчай». Гэтае выданне напісала, што гаворка ідзе пра персанажа «гэтаксама каларытнага і поўнага фантазіі, як і супярэчлівага і звычайна не ўспрыманага сур’ёзна». Аднак у Мінску пра гэта не даведаліся — польскай прэсы ў Беларусі амаль не чыталі. Толькі пасля таго, як пра гэта праз некалькі месяцаў напісалі расійскія «Известия», навіну перадрукавала «Народная газета» — тады самае папулярнае выданне нашай краіны.

Сваімі трыма асноўнымі супернікамі на выбарах Прушынскі лічыў прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, спікера Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча і кіраўніка апазіцыйнага Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазняка.

Станислав Шушкевич, Билл Клинтон и Вячеслав Кебич во время возложения венков к Монументу Победы. 1994 год. Фото: Сергей Брушко
Станіслаў Шушкевіч, Біл Клінтан і Вячаслаў Кебіч падчас ускладання вянкоў да манумента Перамогі. 1994 год. Фота: Сяргей Брушко

Кебіча ён крытыкаваў за развал эканомікі. Пазняка хваліў за прамоўніцкае мастацтва: «Яго прамовы, якія заўсёды вымаўляюцца на беларускай мове, — узор яснасці, і ён кажа іх з вялікім акторскім майстэрствам». Але дадаваў: «Часткова з яго ўласнай віны, а часткова ў выніку партыйнай прапаганды многія жыхары Беларусі лічылі яго радыкальным нацыяналістам». Гаворачы пра Шушкевіча, Прушынскі адзначаў яго ветлівасць, а таксама мяккасць і нерашучасць, няўменне стварыць уласную партыю.

У ліпені 1993-га Прушынскі заявіў пра свае планы стаць прэзідэнтам, апублікаваўшы адпаведную заяву. Яго падтрымала малалікая Хрысціянска-дэмакратычная партыя. У Беларусі на той момант яшчэ не было Канстытуцыі, і як будуць праводзіцца выбары, пакуль не вырашылі. Прушынскі прапанаваў свой план. Каб выбарчая кампанія прайшла свабодна і незалежна, граф прапаноўваў кіраваць выбарчым працэсам тром дыпламатам: швейцарскаму, шведскаму і іспанскаму. Для ўключэння ў гонку прапаноўвалася быць не маладзейшым за 25 гадоў, не мець судзімасці і сабраць 50 тысяч подпісаў (у наступным годзе, калі ў краіне прайшлі першыя выбары, узроставая планка склала 35 гадоў, а подпісаў патрабавалася 100 тысяч).

Аднак існаваў нюанс: у Прушынскага не было беларускага грамадзянства, толькі канадскае і польскае. Так што ўдзельнічаць у выбарах ён не мог ніяк. Гэта была не адзіная перашкода. Паводле прынятага тады заканадаўства, акрамя грамадзянства патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты мусіў яшчэ і пражыць у краіне не менш за дзесяць гадоў. Граф сцвярджаў у мемуарах, што гэты параграф быццам увялі праз яго, бо пагрозу з яго боку адчулі як Кебіч, так і Пазняк. І гэта не адзінае перабольшанне з яго боку.

Зенон Позняк. Фота: pazniak.info
Зянон Пазняк. Фота: pazniak.info

Напрыклад, у 1993-м Прушынскі напісаў Шушкевічу адкрыты ліст, у якім заявіў, што гатовы ўзяць на сябе функцыі прэм’ер-міністра і пачаць выводзіць краіну з крызісу. Зразумела, яму ніхто не адказаў. Тады граф прапанаваў сваім прыхільнікам у адзін з лістападаўскіх дзён выключаць святло ў дамах з 20.00 да 20.15. «За гэты час спажыванне энергіі скарацілася на 20%», — сцвярджаў ён, а потым дадаваў, што той восенню пачалася блакада яго персоны ў СМІ і асабліва на ТБ. Насамрэч ні адзін з тагачасных палітыкаў, якія пакінулі мемуары, не згадваў Прушынскага як сур’ёзнага палітычнага гульца.

Ці яшчэ адзін прыклад. Перад выбарамі 1994 года Прушынскі заявіў, што праз тры месяцы пасля ўступлення на пасаду прызідэнта (нагадаем, ён не мог стаць ім нават тэарэтычна) выдасць кожнаму даросламу грамадзяніну па 35 даляраў. Для гэтага ён папрасіў выбаршчыкаў напісаць у бюлетэнях «Граф «- нібыта гэта можа забяспечыць агульную перамогу. Прушынскі сцвярджаў, што так нібыта зрабіла больш за 240 тысяч выбаршчыкаў, але адкуль у яго такія звесткі, не паведаміў. Граф таксама сцвярджаў, што калі б Шушкевіч і Пазняк вырашылі з ім аб’яднацца, то яны б перамаглі Лукашэнку. Чытаючы гэта, лёгка зразумець, адкуль у Прушынскага была рэпутацыя палітычнага фрыка.

ІЧУ ў эпоху да Лукашэнкі

У 1994-м граф трапіў за краты — яго змясцілі ў ізалятар, размешчаны «недалёка ад пасажырскага вакзала ў Мінску». Прушынскі называе яе ІЧУ (насамрэч вядомы беларусам корпус ІЧУ ў завулку Акрэсціна побач з ЦІПам пабудавалі толькі да 2006-га, так што гаворка пра нейкі іншы будынак). Тады яго абвінавацілі ў парушэнні правілаў рэгістрацыі (як замежнік ён мусіў адзначыцца ў міліцыі), у распаўсюдзе ўлётак на плошчы Незалежнасці 13 сакавіка (тады праходзіў несанкцыянаваны мітынг) і ў нявыплаце штрафу (за што, не ўдакладняецца, але, мяркуючы з усяго, акурат за апошнюю акцыю).

Якім быў ІЧУ яшчэ да прыходу да ўлады Лукашэнкі? Паводле ўспамінаў Прушынскага, у цёмнай камеры «на дошках, якія ўтвараюць падабенства нараў, ляжалі трое мужчын. У адным куце стаяла «параша», або начны гаршчок, нават не вельмі смярдзючы, а ў іншым куце — пластыкавая бутэлька з пітной вадой». Ён сцвярджаў, што зняволеных у ІЧУ не кармілі сняданкамі. На абед яму далі ячменную поліўку і сечаную катлету («меркавана з мяса») з халоднымі крупамі, а таксама паўкілаграма «звычайнага, смачнага беларускага чорнага хлеба» і кубак гарбаты.

Александр Прушинский (слева) спорит с чиновником, который не разрешил ему войти в здание, где Союз поляков Беларуси собирается на свой съезд. Волковыск, 27 августа 2005 года. Фото: Reuters
Аляксандр Прушынскі (злева) спрачаецца з чыноўнікам, які не дазволіў яму зайсці ў будынак, дзе Саюз палякаў Беларусі збіраўся на свой з’езд, Ваўкавыск, 27 жніўня 2005 года. Фота: Reuters

Прушынскага шакавала, што ў ізалятары яму выдалі лыжку без ручкі — нібыта дзеля бяспекі, бо зняволеныя выкарыстоўвалі іх для вырабу заточак. Сапраўды, у канцы 1990-х палітык-камуніст Валерый Шчукін змагаўся з гэтым абмежаваньнем і перамог: замянілі на нармальныя.

У выніку за парушэнні правілаў рэгістрацыі, распаўсюд улётак і нявыплату штрафу Прушынскага дэпартавалі з Беларусі. Яму за яго ж грошы купілі білет на цягнік да Варшавы (ён каштаваў 28 даляраў, гэта было месца ў купэ). Да мяжы графа суправаджалі два міліцыянты. Са словаў Прушынскага, з сабой яны ўзялі не толькі дакументы для дэпартацыі, але і тры паўлітровыя бутэлькі гарэлкі. Прапанавалі распіваць іх, але ў працэсе размовы забыліся пра алкаголь.

Праўда, Прушынскі неўзабаве вярнуўся ў Беларусь і спакойна там жыў далей (ужо зарэгістраваўшыся па правілах).

Філарэт — «генерал КДБ», Лукашэнка — «дыктатар»

У кнізе Прушынскага можна знайсці нямала цікавых фактаў і сцверджанняў. Напрыклад, аўтар піша, што ў будынку, дзе раней размяшчалася Генеральнае консульства Польшчы, а потым запрацавала амбасада, за савецкім часам знаходзілася рэзідэнцыя старшыні КДБ БССР. Імаверна, гаворка пра будынак на Валадарскага, 6 — ён акурат знаходзіцца недалёка ад будынка Камітэта дзяржбяспекі.

Гаворачы пра мітрапаліта Філарэта, першага кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы часоў незалежнасці, Прушынскі адзначае, што той «ацэньваецца як чалавек, які мае званне, не ніжэйшае за генерал-маёра КДБ». Сувязі з гэтай арганізацыяй у яго сапраўды былі: ва ўнутранай дакументацыі спецслужбы ён нават праходзіў пад агентурным псеўданімам Астроўскі.

У 1993-м граф прадаў сваю кватэру ў Канадзе, яго жонка і дачка ўпершыню прыехалі ў Беларусь. Мяркуючы з кнігі, гэта была яго чацвёртая жонка. Аднак жанчыне ў нас не спадабалася, і яна пераехала ў Польшчу. А Прушынскі ў 65 гадоў — то-бок у 1999-м — зноў ажаніўся, у яго нарадзілася двое дзяцей (яго сябар, які расказваў пра гэта, сцвярджаў, што насамрэч гэта быў не пяты, а трэці шлюб).

Митрополит Филарет. Фото: пресс-служба Белорусской православной церкви
Мітрапаліт Філарэт. Фота: прэс-служба Беларускай праваслаўнай царквы

Дарэчы, граф — нягледзячы на сваю эпатажнасць — досыць цвяроза ацэньваў перспектывы развіцця краіны і ў сваіх успамінах называў Лукашэнку дыктатарам (з моманту прыходу апошняга да ўлады і да выхаду кнігі прайшоў усяго год). Прушынскі пісаў, што палітык пастаянна парушае Канстытуцыю. «Прэзідэнт практычна беспакараны, а, як мы ведаем, калі чалавека не караюць за дробную правіну, ён адчувае сябе ўсё больш беспакараным і здзяйсняе ўсё больш і больш такіх заганных учынкаў», — пісаў ён.

Што ж адбылося з графам пасля напісання кнігі? У 2006-м Прушынскі паўтарыў спробу зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты, але яму зноў адмовілі — у яго ўсё яшчэ не было грамадзянства. Да парламенцкіх выбараў 2008-га ён ужо атрымаў пашпарт Беларусі (ад канадскага ён не адмаўляўся) і хацеў балатавацца ў дэпутаты, але не сабраў неабходнай колькасці подпісаў. У 2010-м ён беспаспяхова спрабаваў стаць дэпутатам Мінскага гарадскога савета. У 2015-м зноў хацеў паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, але яму зноў адмовілі з фармальных прычын.

Падчас пратэстаў 2020-га Прушынскі выйшаў на марш пенсіянераў і ішоў на чале калоны. У 2021-м прыйшоў да Чырвонага касцёла і пачаў раздаваць там улёткі з нагоды Дня Волі. Яго затрымалі і некалькі гадзін не выпускалі з Першамайскага РУУС.

Граф памёр у ліпені 2022 года ў Мінску. Яму было 88 гадоў.

Чытайце таксама