Два паведамленні перадала ў эфір «Радыёстанцыя Суднага дня» 2 чэрвеня пасля завяршэння другога раўнда расійска-ўкраінскіх перамоваў у Турцыі. Увагу на гэта звярнуў маніторынгавы тэлеграм-канал «УВБ-76 логи».

Першае паведамленне выйшла ў 16.00 паводле мінскага часу:
«НЖТІ 89 364 ІБАБАЗА 2766 3413».
Другі выхад у эфір быў зафіксаваны ў 17.32. Радыёстанцыя перадала:
«НЖТІ 97 954 АРАПАБЛІЦ 3449 5582».
Як адзначалася раней, «Радыёстанцыя Суднага дня» рэзка актывізавалася неўзабаве пасля таго, як Расія і ЗША пачалі перамовы. У лютым 2025 года яна выходзіла ў эфір 46 разоў.
УВБ-76 пачала вяшчанне ў канцы 1970-х гадоў і з таго часу прыцягвае ўвагу радыёаматараў і даследчыкаў. Большую частку часу станцыя транслюе манатонныя гукі, за што атрымала мянушку «Гудзелка». Перыядычна ў эфіры з’яўляюцца словы або фразы, прызначэнне якіх застаецца прадметам спрэчак і здагадак. Сярод версій — выкарыстанне станцыі для перадачы закадаваных вайсковых паведамленняў ці для каліброўкі радыёлакацыйных сістэм.
Паводле версіі Бі-бі-сі, радыёвышка станцыі падключаная да расійскай ракетнай сістэмы «Перыметр» і выпраменьвае сігнал так званай Мёртвай рукі, які выкліча зваротны ядзерны ўдар, калі сігнал будзе перапынены ў выніку ядзернай атакі супраць Расіі.
У канцы 2024 года старшыня Камітэта Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу РФ па абароне Андрэй Картаполаў заявіў, што УВБ-76 не мае дачынення да сістэмы «Перыметр», пры гэтым падкрэсліваючы, што «ў гэтай радыёстанцыі сапраўды ёсць свая функцыя і свая досыць важная задача».
У сярэдзіне снежня 2024 года ў эфіры радыёстанцыі прагучалі песня Shaman «Я русский», гімн СССР, а таксама ўрывак з балета «Лебядзінае возера» Пятра Чайкоўскага.