Нягледзячы на дэфіцыт кадраў, у красавіку кампаніі больш звальнялі работнікаў, чым наймалі. За месяц рынак працы страціў амаль 17,7 тысячы чалавек, вынікае са звестак Белстата.

У красавіку ў Беларусі прынялі на працу 52 468 чалавек. У параўнанні з мінулым годам назіраецца рост усюды, акрамя Віцебскай і Магілёўскай абласцей. За месяц звольнілі 70 230 чалавек. Гэта значыць, што арганізацыі страцілі на 17 762 спецыялісты больш, чым прынялі на працу. Гэта самы вялікі разрыў за апошнія шэсць гадоў. Дарэчы, у гэтай статыстыцы Белстат не ўлічвае малога і мікрабізнесу.
Калі глядзець па галінах, то сур’ёзны адток быў у ахове здароўя — мінус амаль 2,8 тыс. чалавек. Там звольнілі ў два разы больш, чым нанялі: 5,2 тыс. супраць 2,5 тыс. Пры гэтым чыноўнікі ўсур'ёз заклапочаныя дэфіцытам кадраў у бальніцах і паліклініках, называючы кадравае забяспечанне там адным з балючых пунктаў, які патрабуе аператыўных мер.
Больш страціла толькі галіна, звязаная з камунальным забяспечаннем, — больш за 4 тыс.
Апрацоўчая прамысловасць страціла столькі ж работнікаў, колькі і медыцына, — амаль 2,8 тыс.
Культурныя і спартыўныя арганізацыі звольнілі на 2,6 тыс. чалавек больш, чым нанялі. А ў адукацыі адток быў на 2,4 тыс. Нягледзячы на пачатак пасяўной, у групе сфер, куды ўваходзяць сельская і лясная гаспадарка, таксама былі страты (мінус 1,6 тыс.). Прычым у раслінаводстве і жывёлагадоўлі звольнілі на 1,4 тыс. больш, чым прынялі на працу.
Актыўна развітваюцца з работнікамі таксама ў гандлі, будаўніцтве, кур’ерскай і паштовай дзейнасці.
Сярод галін, якія, наадварот, пашыралі штаты, аказаліся рэстаранны і гатэльны бізнес (плюс 304 чалавекі), інфармацыя і сувязь (плюс 194 чалавекі), сфера абслугоўвання бізнесу (плюс 168), горназдабыўная прамысловасць (плюс 124).
Нагадаем, у красавіку ў эканоміцы было занята 4 млн 135,8 тыс. чалавек, паведамляў раней Белстат. Гэта на 10,4 тыс. менш, чым за месяц да таго. Колькасць занятых у эканоміцы ў красавіку скарацілася ўпершыню за апошнія шэсць месяцаў.
Чытайце таксама