У некаторых банкаў з’явіліся валютныя змяненні. «Люстэрка» склала падборку такіх новаўвядзенняў.

«Тэхнабанк» з 20 траўня ўвёў змяненні што да абмену зношаных, пашкоджаных, але з прыкметамі плацежнасці банкнот — даляраў, еўра, расійскіх рублёў. Камісія цяпер складае 9% ад сумы аперацыі (мінімум — 5 беларускіх рублёў). Каб скарыстацца гэтай паслугай, у супрацоўнікаў банка не мусіць узнікнуць сумневу ў сапраўднасці банкнот.
У «Тэхнабанка» таксама да канца жніўня гэтага года дзейнічае акцыя для грашовых пераводаў у юанях. Камісія банка складае 35 даляраў цягам 6 месяцаў, уключаючы месяц адкрыцця рахунку. Каб скарыстацца прапановай, трэба падключыць адзін з пакетаў абслугоўвання.
«Банк БелВЭБ» знізіў працэнтныя стаўкі па некаторых укладах, у тым ліку валютных. Да прыкладу, па дэпазіце «Безадклікальны ўклад (афлайн)» у далярах стаўкі знізіліся на 0,19, 0,39 і 0,59 працэнтнага пункта — да 0,01% гадавых для варыянтаў з тэрмінам 7, 13 і 24 месяцы адпаведна.
«Сбер Банк» абвясціў, што з 26 чэрвеня ўвядзе дадатковае ўзнагароджанне для пераводаў у расійскіх рублях у Індыю — 1,5% ад сумы пераводу.
У «Парытэтбанка» з 13 чэрвеня з’явіцца новаўвядзенне што да пераводаў. Так, цяпер можна здзяйсняць іх у турэцкіх лірах пад 2,5% ад сумы пераводу (мінімум — 7000 лір, максімум — 24 000 лір). Такія пераводы можна рабіць з рахункаў кліентаў, якія адкрытыя ў беларускіх рублях, далярах, еўра, расійскіх рублях.
Нагадаем, «Белгазпрамбанк» з 19 траўня павялічыў ліміт зняцця наяўнай замежнай валюты са сваіх картак у касах і банкаматах гэтай жа фінустановы. Так, за суткі — да 20 тысяч даляраў у эквіваленце, а за месяц — да 100 тысяч.
Чытайце таксама