З 10.00 5 чэрвеня кантрольныя службы памежнага пераходу «Тэрэспаль» (з беларускага боку — «Брэст») прыпынілі запуск на сваю тэрыторыю аўтобусаў. Пра гэта паведаміла прэс-служба Дзяржпамежкамітэта.

У ведамстве адзначылі, што з вечара 4 чэрвеня таксама «назіраюцца перабоі ў прыёме легкавых аўтамабіляў».
«На гэты момант ужо больш за тры гадзіны выезду ў Польшчу чакаюць чатыры аўтобусы, аформленыя беларускім бокам. Пра прычыны таго, што адбылося, у адрас беларускага боку афіцыйнай інфармацыі не паступала», — паведамілі ў ДПК.
Пра праблемы з праездам аўтобусаў паведамляюць і карыстальнікі памежных чатаў.
«За гадзіну аўтобусы як стаялі, так і стаяць. Машыны — аб’язджаюць», — напісалі ў тэлеграм-канале, прысвечаным выезду ў Польшчу.
Іншая карыстальніца адзначыла, што польскі бок аўтобусы ўсё ж «прымае», але «ўсё гэта вельмі доўга».
«На мосце (які злучае Беларусь і Польшчу. — Заўв. рэд.) мы стаялі пару гадзін, ужо праехалі мост і цяпер яшчэ стаім 3−4 гадзіны, калі не больш», — адзначыла карыстальніца ў 14.10.
«За апошнія дзве гадзіны прапусцілі тры маршруткі. Наш аўтобус стаіць наступны. Пасля нас яшчэ тры аўтобусы стаяць. Машыны хутчэй прапускаюць», — напісала яшчэ адна ўдзельніца чата ў 14.08.
Паводле звестак на 14.00 5 чэрвеня, выезду з Беларусі ў Польшчу чакалі 1590 легкавых аўто і 58 аўтобусаў.
«Рэкамендуем грамадзянам улічваць гэтую інфармацыю падчас планавання паездак. Сачыце за абстаноўкай у пунктах пропуску анлайн на нашым інфармацыйным партале. Пра аднаўленне функцыянавання ў поўнай меры сумежнага памежнага пераходу паведамім дадаткова», — адзначылі ў беларускім ведамстве.
У Памежнай службе Польшчы «Еўрарадыё» паведамілі, што ўжо станам на 13.00 паводле польскага часу (14.00 паводле беларускага) рух праз памежны пункт пропуску «Тэрэспаль» адбываўся нармальна.