Днём у чацвер, 5 чэрвеня, Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што польскі бок «перастаў прымаць аўтобусы» ў пункце пропуску «Тэрэспаль». Па падрабязнасці «Люстэрка» звярнулася ў Надбужанскі аддзел Памежнай службы Польшчы, у падпарадкаванні якога знаходзіцца памежны пераход у Тэрэспалі.

— Нічога такога няма, — абверг інфармацыю ДПК дзяжурны афіцэр Надбужанскага аддзела Памежнай службы Польшчы. — Рух інтэнсіўны — мы прымаем як аўтамабілі, так і аўтобусы. Перапынкаў у працы таксама не было. Усе віды транспарту прымаем і адпраўляем у звычайным рэжыме, гяк і ў любы іншы дзень.
Нагадаем, пра спыненне прыёму аўтобусаў у пункце пропуску «Тэрэспаль — Брэст» ДПК паведаміў у 13.30. Беларускі бок заявіў, што іх перасталі прапускаць з 10 раніцы.
Чэргі ў гэтым пункце пропуску пачалі расці 4 чэрвеня. Паводле звестак на 14.00 5 чэрвеня, у чарзе стаіць больш за 1500 легкавых аўтамабіляў і 58 аўтобусаў.