Рассельгаснагляд папрасіў Беларусь часова спыніць выдачу сертыфікатаў, якія дазваляюць пастаўкі курыных лап у РФ. Прычына звязаная са зменамі ў правілах кантролю за мясам птушкі, якія ўвёў Кітай. Акрамя таго, у самой Расіі таксама ўзмацнілі кантроль за імпартам і вытворчасцю такой прадукцыі.
Рассельгаснагляд звярнуўся ў кампетэнтныя органы Беларусі з просьбай прыпыніць сертыфікацыю курыных лап на тэрыторыі Расіі.
«Рашэнне прынятае ў адпаведнасці з афіцыйным лістом ГМУ Кітая што да ўнясення змяненняў у пратакол пра правядзенне інспекцыйнага, каранціннага, ветэрынарнага і санітарнага кантролю ў дачыненні да ўзаемных паставак замарожанага мяса птушкі паміж Расіяй і Кітаем і ў сувязі з узмацненнем кантролю за ўвозам у краіну і вытворчасцю прадукцыі птушкагадоўлі на тэрыторыі РФ», — гаворыцца ў паведамленні.
Аналагічную просьбу скіравалі ва Узбекістан.
Прасцей кажучы, гэта азначае, што курыныя лапы з Беларусі і Узбекістана часова не змогуць афіцыйна ўвозіць у Расію, пакуль там не разбяруцца з новымі правіламі і стандартамі якасці.
Рашэнне ўступае ў сілу з 10 сакавіка.
Нагадаем, курыныя лапы Беларусь таксама пастаўляе наўпрост у сам Кітай. Гэтым займаецца лагістычны хаб «ГБК — Шаўковы шлях» (частка бізнес-імперыі аднаго з паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі Віктара Шэймана), які сярод іншага экспартуе мяса і субпрадукты ў Кітай і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.
«Мясаперапрацоўчым прадпрыемствам мы прапануем прасоўванне іх прадукцыі на рынкі Кітая, а спажыўцам у Кітаі мы прапануем у тым ліку такія далікатэсы, як курыныя лапкі і ялавічныя галёнкі», — удакладняе фірма. Калі ў Беларусі гэтыя прадукты не асабліва каціруюцца ў раздробным гандлі, то ў Кітаі лічацца прэміяльнымі.