Экс-рэдактар NEXTA Раман Пратасевіч, пра памілаванне якога стала вядома 22 траўня, даў ужо другое за тыдзень інтэрв'ю прапагандыстам. Гэтым разам ён пабываў у жывым эфіры ў Рыгора Азаронка на канале расійскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва.
— Гаворыць і паказвае Мінск, сталіца ядзернай дзяржавы! — з гонарам сказаў Азаронак, адкрываючы эфір.
Стрым доўжыўся амаль гадзіну. Практычна нічога новага на ім Раман Пратасевіч не расказаў. Эфір быў задуманы як дыскусія, але хутчэй быў падобны да допыту: Азаронак, які раней прызнаваўся, што ён «за тое, каб Пратасевіч сядзеў», спрабаваў прымусіць Рамана апраўдвацца не толькі за дзеянні яго самога ці канала NEXTA, але і наогул за ўсе «грахі» апазіцыйнага руху з 2020 года.
Раман у асноўным трымаў удар і адмаўляў абвінавачанні, але перыядычна згаджаўся са словамі Рыгора: маўляў, так, я быў антыўрадавым прапагандыстам, так, мы не зусім разумелі, якімі будуць наступствы нашых дзеянняў.
— Многія рэчы рабіліся ўсляпую, эмацыйна… Можна назваць мяне рознымі кепскімі словамі, але я шчыра верыў, што, калі ўлада зменіцца, гэта будзе для краіны лепш. Я лічыў, што гэта можа прынесці новае дыханне краіне. Іншая рэч, што гэта быў інфантылізм, — апраўдваўся экс-рэдактар NEXTA.
— Вы, калі выкладвалі звесткі дзяржслужбоўцаў, няўжо думалі, што да асабістых расправаў не дойдзе? — пытаў Рыгор.
— Так, думаў, што не дойдзе. Але і не дайшло ж, — парыраваў Раман.
Азаронак некалькі разоў пачынаў тэму вайны ва Украіне. Пратасевіч не сказаў, які з бакоў падтрымлівае, але падкрэсліў, што ён супраць любой вайны і кровапраліцця.
— Я вельмі рады, што ў Беларусь не прыйшла вайна, — дадаў Раман.
— Гэта таму, што мы адхраначылі вашых прыхільнікаў па дупах! Таму і не прыйшла! — пракрычаў яму ў адказ Рыгор.
— Добра, — спакойна адказаў Раман. — Што я яшчэ магу сказаць.
Азаронак запнуўся, а затым засмяяўся:
— Добра, што вы згаджаецеся!
Падчас эфіру Пратасевічу ўключылі запіс таго, як пра яго выказалася цётка яго былой дзяўчыны, Соф'і Сапегі. Нагадаем, жанчына рэзка негатыўна паставілася да яго памілавання, бо Соф’я «адна ўсё цягне» і памілавання да гэтага часу не дачакалася. Раман адмахнуўся ад прэтэнзій.
— Я ўпершыню пра яе чую. Эмоцыі гэтай жанчыны зразумець можна. Іншае пытанне, я лічу, часам гэтая тэма разганяецца занадта моцна. Мы з Соф’яй розныя людзі, у нас абсалютна розныя крымінальныя справы, якія не звязаныя наогул нічым. Мы займаліся зусім рознымі рэчамі. «Чорная кніга Беларусі» і NEXTA не былі звязаныя, — запэўніў Пратасевіч. — Звальваць усё на мяне, нейкую дадатковую эфемерную віну, прасцей за ўсё ў гэтай сітуацыі, я і так ужо даўно для большасці ахвярны казёл. Нягледзячы на тое, што мы з Соф’яй былі разам, я не магу сказаць ніводнага кепскага слова пра яе, але, вядома, пастаянны разгон, што нібыта гэта мая віна…
Раман дадаў, што спачатку яго раніла асуджэнне былых паплечнікаў, але потым ён стаў адгароджваць сябе ад гэтай інфармацыі, і яна яго больш не кранае.
Нагадаем, паводле інфармацыі расійскага тэлеграм-канала Baza, Пратасевіч даў паказанні супраць Соф'і Сапегі, якія ўвайшлі ў яе абвінавачанне.
У нейкі момант да эфіру падключыўся палітолаг-прапагандыст, дырэктар таварыства «Знание» і былы дэкан філасофскага факультэта БДУ Вадзім Гігін. Ён пацікавіўся планамі Рамана.
— Вы, вядома, думаеце пра сваю будучыню, ці няма ў вас жадання пайсці выкладаць? У вас вялікі досвед. У прыватнасці, на журфак, напрыклад. Ці нават наадварот, атрымаць адукацыю, абараніць дысертацыю? Ці ёсць у вас такія думкі, планы?
— Нечаканае пытанне, бо я ў свой час вучыўся на журфаку, хай і на завочным, але не давучыўся.
— Дык вось таму і пытанне.
— Наогул у цэлым так, можа, мне і праўда было б цікава правесці як мінімум пару жывых заняткаў з хлопцамі і дзяўчатамі, студэнтамі, якім было б гэта цікава. Але казаць пра нейкія планы ў цэлым мне пакуль складана, бо пакуль у мяне, калі шчыра, на гэты момант яшчэ няма дакладных планаў на жыццё і выразнага бачання, у які бок мне ісці далей. Таму на гэты момант мне цяжка сказаць. Але вашае пытанне цікавае, прымусіла мяне задумацца, — адказаў Раман Пратасевіч.
Нагадаем, 3 траўня 2023 года ў Мінскім абласным судзе абвясцілі прысуд па «справе NEXTA». Суд прызнаў фігурантаў вінаватымі па ўсіх артыкулах абвінавачання. Раману Пратасевічу прызначылі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Сцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў.
22 траўня гэтага года стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў Рамана Пратасевіча.